Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Варшаве праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь»

08.08.2026 09:12
Лідарка беларускіх дэмакратычных сід Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у важных дыскусіях.
Канферэнцыя «Новая Беларусь» @tsikhanouskaya

На канферэнцыі ўдзельнікі абмяркоўвалі, між іншым, пытанні ролі Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны ды прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.

Удзельнікі абмеркавалі саўдзел рэжыму ў расійскай агрэсіі, збор доказаў і механізмы прыцягнення вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва да адказнасці праз Спецыяльны трыбунал. Святлана Ціханоўская падзякавала камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і асабіста Паўлу Латушку за тое, што тэма адказнасці застаецца высока ў міжнародным парадку дня. Яна таксама падкрэсліла, што за злачынствы павінны адказваць тыя, хто ператварыў Беларусь у плацдарм для агрэсіі. Яна нагадала, што беларусы з першых дзён поўнамаштабнай вайны асуджалі саўдзел рэжыму, і выказала ўпэўненасць, што міжнароднае правасуддзе давядзе гэтую справу да канца.

Святлана Ціханоўская далучылася да дыскусіі, прысвечанай стварэнню мясцовых прадстаўнічых органаў — соймікаў — для беларусаў замежжа. Удзельнікі абмеркавалі, як такое прадстаўніцтва можа дапамагчы аб'яднанню дыяспары і вырашэнню агульных задач. Ціханоўская адзначыла ўменне беларусаў нават у самых складаных умовах знаходзіць рашэнні і рухацца наперад. Таксама яна прапанавала накіраваць прадстаўніка беларускай супольнасці ў Раду нацыянальных супольнасцяў Украіны.

На канферэнцыі былі прадстаўлены вынікі Індэксу ўстойлівасці грамадзянскай супольнасці і абмеркаваныя крокі, неабходныя для далейшага развіцця беларускіх арганізацый ва ўмовах рэпрэсій і эміграцыі. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, а таксама адказала на пытанні пра сваё першае знаёмства з грамадзянскай супольнасцю, ролю беларускіх арганізацый і тое, як з цягам часу змянілася яе ўспрыманне іх працы.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл